+11°C
$ 3.2757€ 3.4954100RUB 3.4772
Интернет-издание «Полесье своими глазами»
Главная/Новости/Мнения/Гумарэска ці фельетон? Як мазыране скардзіліся ў газету ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Увага: гэта смешна!

Гумарэска ці фельетон? Як мазыране скардзіліся ў газету ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Увага: гэта смешна!

1 814 просмотров
У Мазырскім занальным дзяржаўным архіве (вялікі дзякуй яго працаўнікам) апынулася зараз з нагоды пошуку матэрыялу для аднаго з сваіх будучых артыкулаў.

Падшыўкі газеты «Большэвік Палесся» другой паловы 40-х – пачатку 50-х гадоў мiнулага стагоддзя пакуль не дапамаглі знайсці ўсёй той інфармацыі, якую шукала. Акрамя таго, што газеты цалкам на роднай мове, уразіў і тыраж. Гэтыя старыя нумары расказалі не толькі пра масштабную будоўлю, аднаўленне Мазыра ў пасляваенны час, але і пра тое, што, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, разруху, увага надавалася станаўленню культуры і адукацыі. Цікава адкрываць старонкі гісторыі, гартаючы падшыўкі старых газет. Яны адлюстроўваюць эпоху і патрэбы, ідэі і думкі тых часоў.



Здзівіла тое, што у газетах было шмат артыкулаў са скаргамі. Але ў мяне яны выклікалі ўсмешку, можа, і вам змагу яе падараваць!
Стылістычныя і граматычныя асаблівасці тэксту – як у арыгінале.
 
Рэдакцыя газеты «Большэвік Палесся» атрымала пісьмо аб тым, што загадчык жывёлагадоўчай фермы калгаса імені Кірава, Ліпаўскага сельсавета, Анісейка З.Н. нядбайна адносіцца да сваёй работы. На ферме брудна, свінні ляжаць у гразі, кармы разбазарваюцца.
Васілевіцкі райзаг, куды быў накіраваны допіс, паведаміў рэдакцыі, што расследаваннем факты пацвердзіліся. Алісейка З.Н. з пасады загадчыка фермай знят.


Прадаюць бракаваны тавар
28 студзеня я купіў у магазіне №6 (загадчык тав.Галубіцкая) некалькі пачак папірос «Для охотников». На выгляд яны былі ўпаўне добрыя – у цэлай акуратнай упакоўцы. Якое-ж было маё здзіўленне, калі я адкрыў пачку: папяросы аказаліся зусім гнілымі, запляснелымі, непрыгоднымі для курэння.
Л. Шульман.




Грубіянка за прылаўкам
Знаходзячыся ў Лельчыцах, я зайшла ў магазін лесапункта, каб купіць рушнік. Загадчыца магазіна Клімовіч Л. падала мне рушнік, праедзены мышамі. Я папрасіла замяніць яго. Прадаўшчыца праявіла незадавальненне, але падала другі рушнік. Калі я ўзяла яго ў рукі, то спачатку не магла зразумець: рушнік гэта ці ануча – столькі на ім было гразі. На маю заўвагу прадаўшчыца груба адказала:
-Дома пасціраеце.
Я ўсё ж папрасіла прадаць чысты рушнік. Тады Клімовіч кінула мне рушнік прама на галаву і аблаяла мяне нецэнзурнымі словамі. Гэтыя-ж словы я пачула, калі патрабавала кнігу скарг.
Я лічу, што прадаўшчыцу Клімовіч трэба заклікаць да парадку. Грубіянам не месца за прылаўкам.
О. Смыкоўская.




Чым займаецца дырэктар сталовай?
Усім вядома, якое важнае значэнне мае для здароўя працоўных арганізацыя грамадскага харчавання. Пастаянна клапаціцца аб якасці стравы, аб культуры ў нашых сталовых – кроўны абавязак дырэктараў апошніх.
На жаль, ніяк нельга сказаць, каб у Мазыры грамадскаму харчаванню ўдзялялі сур’ёзную ўвагу. Каб пераканацца ў гэтым, загляніце хаця-б у сталовую горхарчгандлю №2. Тут часта можна прасядзець 15-20 хвілін у чаканні абеда. На сталах брудна, так як яны ўбіраюцца пасля чацвёртага-пятага сталуючагася, а да гэтага прыходзіцца сціраць са стала ваду і крошкі ўласнымі рукавамі. У сталовай многа мух, душна, няма нават умывальніка, і афіцыянткі, якія да таго-ж не вызначаюцца ветлівасцю, мыюць рукі ў талерках і місках.
Чым-жа, уласна кажучы, займаецца дырэктар сталовай т. Ручанскі? Можа быць, нарыхтоўвае для сталовай свежую гародніну, садавіну? Але чаму тады нічога гэтага не відаць у талерках сталуючыхся? Ці не думае т. Ручанскі паўтарыць мінулагоднія памылкі, а пачатак іх у наяўнасці. Страва тут заўсёды аднастайная, міма чаго, дарэчы, праходзіць і дзяжурны санурач т. Гусева.
Час ужо навесці парадак у нашых сталовых.                                  

 І. Георгіеў.


 
Тайна адной назвы
Дзе купіць у Мазыры койку? – пытае нас тав.Трутнеў.
Койкі, якія вырабляюцца арцелямі «Молат» і «Чырвоны мэбельшчык» сорамна ўносіць у кватэру, настолькі яны нязграбныя.
Ці не таму, скажам, арцель «Чырвоны мэбельшчык» і называецца «чырвонай», што ёй сорамна за сваю прадукцыю?
Абедзьве арцелі могуць вырабляць добрыя койкі. Гэта пацвярджаюць асобныя іх экземпляры, якія тут вырабляюцца… добрым знаёмым.




Практыка і прафілактыка
Паўгода не ачышчаюцца дымаходы ў жактаўскім доме №3 па вуліцы Саета. Жыхары паведамлялі аб гэтым жакт, а там маўчаць. Жыхары самі спрабавалі выклікаць трубачыстаў, але тыя баяцца лезці на крышу: дом без лесвіцы.
Рашылі тады жыхары паскардзіцца пажарнай ахове: не дарма ж яна так і завецца. Але тав. Харкевіч толькі ахоўвае сваю ўстанову ад надаедлівых жыльцоў.
20 сакавіка былі першыя намёкі на пажар. Як відаць, тав. Харкевіч цвёрда рашыў займацца сваёй асноўнай справай – тушыць пажары. Прафілактыка – гэта яго не датычыцца.
А. Емельянаў.


Такіх лiстоў са скаргамі, даносамі і прапановамі савецкія грамадзяне дасылалі ў рэдакцыю газеты шмат. Мноства матэрыялаў было чакана, так як савецкаму чалавеку было звычайна скардзіцца, яны адлюстроўвалі прыняты спосаб зносін грамадзяніна з уладай. І зараз ёсць шмат выпадкаў такіх паводзін. Пра іх ужо не пішуць у газетах, так як ёсць іншыя інстанцыі. Цікава, гэта менталітэт Палесся – скардзіцца з аднаго боку і быць грубым – з другога? Тады гэта былі жывыя і канкрэтныя падрабязнасці жыцця – прагул ці з’яўленне на працу ў нецвярозым стане, нецэнзурная лексіка і нястрыманыя паводзіны прадаўцоў, адсутнасць лямпачкі ў пад’ездзе і недагледжаныя свінні. Яны вельмі адрозніваюцца і ўступаюць у проціваборства з формай скарг, прынятых зараз. Гэта быў якісьцi свой жанр, амаль народная творчасць – наіўная літаратура. Нагадвае тэлеграму з «Белых росаў» Фядоса Ходаса да сына Сашкі.


Марта Мароз.
Фота аўтара.

Обсуждение статьи

  1. Комментарий от nic Sascha
    14 апреля 2022 11:44
    Автор статьи и в чем смысл смеха заключается то что в заголовке написано,все по делу по существу у каждого свои вопросы ,и сколько людей столько и мнений....а данная жизнь вам не смешна посмейтесь..
    1. Ответ от SelenaMihalna
      14 апреля 2022 20:23
      Ну и ходите всё время с серьезным лицом! Неужели даже когда комедии Гайдая смотрите, не смеетесь? Там тоже остросоциальный юмор.
Добавить комментарий