«Перш за ўсё я – чалавек. Мала хто гэтым можа пахваліцца, але я без асаблівай сціпласці магу. Калі сказаць, што я паэтка і рэдактарка паэзіі, можна зразумець, што мой свет укладаецца ў літаркі і тэксты… На першую кнігу ён паўплываў дакладна – кантэкст Мазыра. У мяне было шмат злосці на гэты горад, болю. Да гэтага года я не магла прымірыцца і дараваць гэтаму гораду асабістую гісторыю, таму з’явіліся некаторыя вершы. Жыхары Мазыра не будуць мне ўдзячны за маю творчасць. Памірыцца з Мазыром і зноў убачыць, што ён класны, мне дапамаглі блізкія людзі. І мяне адпусціла». Крысціна Бандурына, паэтка, рэдактарка.
«Гэты горад перастае быць маім горадам і маёй хатай. Канешне, мне крыху сумна ад таго, што тут усё старэе, сыходзіць, людзі паміраюць… Калі я пішу тэксты, я пішу не аб тым, што было, а аб тым, як я памятаю, як мне здаецца, што гэта было. У фільме можа з’явіцца стыхія, твар, горад. І калі я штосьці такое бяру ў сваё кіно, мне падабаецца, што ў гэтым ёсць штосьці дзікае, прыроднае, якое не залежыць ад мяне. Пагэтаму кіно для мяне самы цяжкі, але разам з тым і самы цікавы від мастацтва». Юля Шатун, кінарэжысёрка.
Усё гэта праект «Сапраўдныя» – серыя аўдыёвізуальных партрэтаў жанчын, якія ўвабралі ў сябе атмасферу горада, у якім яны выраслі, але ўжо ніколі не вернуцца. Мастачкі, рэжысёркі, паэткі разважаюць пра адчуванне Мазыра і рэчаіснасці.
Яшчэ адзін відэапраект «Мы» аб маладым пакаленні рэгіёна Беларусі, дзе кожны з удзельнікаў разважае аб тым, што ў яго жыцці з’яўляецца важным на дадзены момант. Абодва відэапраекты – рэзультат працы каманды «Першы крок».
На жаль, нячаста можна пачуць, як моладзь ці дарослыя размаўляюць на роднай мове. Менавіта гэтым мяне і зацікавіла культурная прастора «Першы крок». Па словах яе наведвальнікаў, «Першы крок» - гэта «месца, дзе можна быць сабой», «месца, дзе адбываюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі», «месца натхнення», «месца раскрыцця і рэалізацыі сябе», «тое месца, куды хочацца вяртацца ізноў», «месца прыгожых і таленавітых людзей».
«Першы крок» трактуе сябе на сайце pershykrok.by як культурна-адукацыйная платформа, якая займаецца праграмай нефармальнай адукацыі жыхароў Мазыра ў выглядзе лекцый і сустрэч па тэмах сучаснага мастацтва, крэатыўнага бізнесу, сацыяльнага прадпрымальніцтва, магчымасцей для моладзі горада. Таксама гэта пляцоўка для культурніцкіх і сацыяльных івэнтаў, дзе арганізуюць кінасустрэчы, лекцыі, фота- і мастацкія выставы, Жывыя Бібліятэкі, дыскусіі.
Пра тое, з чаго ўсё пачыналася, як ладзяць культурныя падзеі, дзе шукаць сродкі на мерапрыемствы, як наладзіць сяброўскія стасункі з рознымі пляцоўкамі, як працаваць з валанцёрамі і якія мерапрыемствы запланаваны на бліжэйшы час, я і пагаварыла з заснавальніцай платформы Ганнай Палей.
- Дзесяць гадоў таму назад я прыехала ў Мазыр. Дагэтуль вучылася ў Мінску, займалася арганізацыяй выстаў, канцэртаў і іншых культурных мерапрыемстваў. У Мазыры такой пляцоўкі не хапала – месца, дзякуючы якому горад стане цікавейшым, гісторыя ажыве, а яго жыхары змогуць дапамагчы захаваць гэтую гісторыю, паказваць сучасныя выставы, праекты, кінастужкі, даць магчымасць для развіцця творчай моладзі. Спачатку сустрэчы і мерапрыемствы праходзілі ў кафейнях, фотастудыях, кінатэатры. Я была арганізатарам паказу кінастужкі «Заўтра» Юліі Шатун і сустрэчы з аўтарам у нашым горадзе. Свой фільм, дзе ў галоўных ролях яе бацькі і брат, Юля здымала на фотаапарат у Мазыры. Фільм, які стаў прызёрам кінафестываля «Лістапад» і быў паказаны на міжнародных пляцоўках, нарэшце, убачылі на радзіме.
У нас была цэлая каманда, і паступова прыйшло ўсведамленне, што нам патрэбна памяшканне - прастора, дзе мы зможам праводзіць культурныя мерапрыемствы: выставы, лекцыі, кінапаказы. Сваё месца, куды зможам запрашаць экспертаў у розных культурных сферах, кантакты з якімі былі наладжаны на працягу многіх гадоў.
Мы прынялі ўдзел у конкурсе сацыяльных праектаў «Social Weekend», дзе з 500 праектаў мы апынуліся сярод 15 фіналістаў, што дало нам фінансавую падтрымку для адкрыцця прасторы. Мэблю рабілі сваімі рукамі.
Першай падзеяй, якая прайшла у нашым новым утульным памяшканні ў верасні 2019 года, была прэзентацыя кнігі аўтарства Тацянны Ануфрыеўны Нікіцінай «Вуліцы і плошчы Мазыра як сведкі гісторыі». Першае выданне ўнікальнага матэрыялу пра гісторыю вуліц і плошчаў аднаго з самых старажытных і прыгожых гарадоў і набор паштовак паводле кнігі. Мазыране адгукнуліся, і сярод іх мы сустрэлі Уладзіміра Мікалаевіча, які стаў героем нашай прасторы. Вырашылі арганізаваць фотавыставу яго работ. Тое, што яго фотаздымкі былі цікавымi для аўдыторыі, настолькі ўразіла аўтара, што ён не стрымаў слёз. Гэта была адна з самых любімых выстаў.
Адным з яркіх праектаў аб язычніцкіх абрадах, якія захаваліся на тэрыторыі Палесся, стала фотавыстава і прэзентацыя аднаймённай кнігі Андрэя Лянкевіча «Паганства» - даследчая праца пра абрады і традыцыі. Наш апошні выставачны праект «20 жанчын» фотакрытыка Вольгі Бубіч раскрывае жаночую тэму. На мой погляд, у нашым горадзе не хапае асвятлення жаночай гісторыі. «20 жанчын» – гэта гісторыі аб ідэальных партнёрах жанчын розных краін і кантынентаў (Італія, Літва, Германія, Расія, Беларусь, Аўстралія). Пад час выстаў можна было задаць пытанні аўтарам.
Праводзім і майстар-класы па акцёрскім майстэрстве, па ўсходняму жывапісу, лекцыі па сучасным мастацтве, распрацоўвалі маршрут-квэст для дзяцей з Нідэрландаў, якія прыязджалі ў горад па праграме культурнага абмену. Цікавы праект «Жывая Бібліятэка» - пра ўнікальнасць нашага вопыту, пра чалавека, пра разнастайнасць пунктаў погляду.
Прастора аб’ядноўвае пад адным дахам галерэю, бібліятэку па сучасным мастацтве, кінаклуб, кніжны клуб, а таксама шоўрум экатавараў zerro. Можа пераўтварацца і ў каворкінг – часовае або пастаяннае працоўнае месца, памяшканне для лекцый і канферэнцый. За гады існавання мы адкрылі для горада шмат новых імёнаў пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў і фатографаў, акцёраў і рэжысёраў.
У цяперашні час каманда платформы шукае партнёраў для развіцця і супрацоўніцтва. Калі ў вас ёсць ідэя мерапрыемства, а таксама вы б хацелі ўключыцца ў працу па развіццю платформы, пішыце нам: pershykrok1@gmail.com.
Марта Мароз.