0°C
$ 3.4007€ 3.5895100RUB 3.3954
Интернет-издание «Полесье своими глазами»
Главная/Новости/Мнения/“Твар у Мазыра добры”. Пагутарылі з даследчыцай пра тое, што цікавага ў мазырскім мінулым, якіх асоб мазыранам трэба ведаць і чаму любоў да гісторыі Беларусі пачынаецца з любві да малой радзімы

“Твар у Мазыра добры”. Пагутарылі з даследчыцай пра тое, што цікавага ў мазырскім мінулым, якіх асоб мазыранам трэба ведаць і чаму любоў да гісторыі Беларусі пачынаецца з любві да малой радзімы

2 666 просмотров
0 комментариев
Таццяна Ануфрыеўна Нікіціна шмат гадоў працавала выкладчыкам гісторыі Беларусі ў МДПУ імя І.П. Шамякіна. Яна вельмі ўдзячна сваім бацькам – Ганне Паўлаўне і Ануфрыю Сцяпанавічу Нікіціным – якія дапамаглі з выбарам прафесіі, таму што, па яе меркаванні, гісторыя – самая цікавая з навук. Вывучыла беларускую мову ў маладосці, па ўласнаму жаданню. Зараз яна на пенсіі, але не пакідае даследчую працу. Адзін з аб’ектаў навуковага інтарэсу Таццяны Ануфрыеўны – вуліцы і плошчы Мазыра, а таксама мясцовая гісторыя. Пагутарылі з даследчыцай пра тое, што цікавага ў мазырскім мінулым, якіх асоб мазыранам трэба ведаць і чаму любоў да гісторыі Беларусі пачынаецца з любві да малой радзімы. 


 

“Студэнты жартавалі, што розныя народы пайшлі ад малпаў, якія злезлі з розных дрэў”
- На ваш погляд, якія самыя важныя этапы былі ў гісторыі Мазыра?
- Як і ва ўсёй Беларусі, асноўныя этапы ў гісторыі Мазыра былі звязаны з тымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, у якія ўваходзілі беларускія землі. Напачатку былі Кіеўская Русь, Полацкае, Тураўскае княствы, потым Вялікае Княства Літоўскае. Рэч Паспалітая, якая была ўтворана ў 1569 г., была адзіным дзяржаўным ўтварэннем на беларускіх землях, у стварэнні якого непасрэдны ўдзел прынялі два прадстаўнікі Мазыршчыны. У 1793 годзе, падчас другога падзелу Рэчы Паспалітай, Мазыр увайшоў у склад Расійскай імперыі. 


На пачатку ХХ стагоддзя, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, адбываўся працэс стварэння нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Наш горад уваходзіў у склад абвешчаных рэспублік: Беларускай Народнай Рэспублікі (сакавік 1918 г.), утворанай 1 студзеня 1919 г. Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (першае абвяшчэнне БССР), ЛітБелССР (люты– ліпень 1919 г.), 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята "Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь” (другое абвяшчэнне БССР). 
Калі казаць пра трагічныя падзеі, што адбываліся на мазырскіх землях, тут можна ўзгадаць ХVII стагоддзе, калі жыхары Мазыршчыны ўдзельнічалі ў казацка-сялянскім паўстанні супраць улад Рэчы Паспалітай, а потым войны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. У выніку гэтых падзей было знішчана 52% насельніцтва, у заняпад прыйшла эканоміка краю.


Самай трагічнай, і ў той жа час гераічнай, падзеяй ХХ стагоддзя была Вялікая Айчынная вайна. Вайна прынесла вялізныя дэмаграфічныя страты. На Беларусі загінуў кожны трэці жыхар. Пацярпела ў час гэтых падзей і Мазыршчына. Па плану “Ост” нацыстамі прадугледжвалася 100% знішчэнне яўрэйскага і цыганскага народаў, знішчэнню або перасяленню ў іншыя рэгіёны 75% беларусаў, астатнія 25% планавалася анямечыць і пераўтварыць у рабоў, якія павінны былі абслугоўваць “вышэйшую арыйскую расу”. За часы фашысцкай акупацыі на тэрыторыі Мазырскага раёна было спалена 45 населеных пунктаў, забіта 2020 жыхароў і знішчана 3436 двароў.




Кожная вайна – гэта чалавечыя ахвяры, паламаныя лёсы тых, хто страціў у часы ваеннага ліхалецця сваіх родных і блізкіх. Па майму меркаванню, пры дапамозе сілы немагчыма вырашыць ніводнае пытанне. Можна знішчыць народ, краіну, але пытанне не вырашыцца. Трэба ўмець размаўляць, чуць іншых і знаходзіць кампрамісы. 


- Ці праўда, что на пачатку ХХ стагоддзя амаль 80% насельніцтва Мазыра былі яўрэі?
- Больш паловы жыхароў Мазыра, але не 80%. Калі браць дадзеныя Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года, то ў беларускіх гарадах пераважала яўрэйскае насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці большасць складалі беларусы. Напрыклад, у Мазыры яўрэяў было 69%, а ў сельскай мясцовасці Мазырскага павета беларусаў было 79%. Такая розніца па нацыянальнаму складу паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам была звязана з тым, што калі Кацярына ІІ увяла “мяжу яўрэйскай аседласці”, туды трапілі і ўсе пяць беларускіх губерняў. Яўрэйскаму насельніцтву не дазвалялася жыць у вёсках, набываць зямлю – яны вымушаны былі жыць у гарадах і мястэчках, дзе займаліся рамяством і гандлем. Вядомы ювелір, ураджэнец Мазыра Ізраіль Рухамоўскі, калі ў сваіх мемуарах узгадваў пра мову наведальнікаў мазырскага кірмашу, напрыканцы ХІХ стагоддзя, адзначаў, што большасць насельніцтва размаўляла альбо па-беларуску, альбо па-польску. 


- Чула такую думку, што яўрэі заснавалі Мазыр.
- У мяне іншае меркаванне: жыхары на тэрыторыі сучаснага Мазыря з’явіліся ў вельмі даўнія часы. На Пхове знойдзены стаянкі часоў неаліту. Да бронзавага веку адносіцца гарадзішча ва ўрочышчы Кімбараўка. Хутчэй за ўсё на такую думку паўплывала міфалагічная версія паходжання назвы горада – пра яўрэйскага купца, які выраніў жыр у рэку. Мне здаецца, маюць рацыю хутчэй тыя навукоўцы, якія мяркуюць, што назва Мазыра пайшла ад скандынаўскіх моў: праз Мазыр ішоў шлях з вараг у грэкі. Слова “масур” перакладалася як “горад пад клёнамі”. 


- Наконт генеалогіі Мазыра: хто мы? Ад якіх плямёнаў мазыране вядуць “радаслоўную”?
- Мне падабаецца меркаванне аб тым, што ўсе людзі – сваякі. Якую канцэпцыю аб паходжанні чалавека ні возьмеш, атрымліваецца, што ў нас усіх агульныя карані. Калі браць тэорыю Дарвіна, то ў нас продкамі былі малпы. Мае студэнты ў свой час развілі тэорыю Дарвіна далей і растлумачылі, чаму ад малпаў пайшлі розныя народы – яны злезлі з розных дрэў (усміхаецца). Калі браць Боскую гіпотэзу паходжання чалавека, то у нас таксама агульныя продкі – Адам і Ева. І таму, мы, прадстаўнікі розных народаў, павінны адзін да аднаго ставіцца з павагай, як да блізкіх і родных людзей.


Калі казаць пра паходжанне мазыран, навукоўцы лічаць, што да індаеўрапейскага перыяду тут жылі прадстаўнікі розных этнасаў, але казаць дакладна, хто яны былі, няма магчымасці – не хапае звестак. У індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі тут спачатку з’явіліся балты, потым – славяне. У выніку славянізацыі балтаў на тэрыторыі Беларусі ўтварыліся тры вялікія супольнасці: крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Апошнія як раз жылі ў басейне Прыпяці, таму можна казаць, што мы паходзім ад дрыгавічоў…



- На ваш погляд, якія мазыране па менталітэту? Які твар у Мазыра?
- Твар у Мазыра добры: ён ніколі ні з кім не ваяваў, не выступаў ініцыятарам ваенных дзеянняў. Мой стрыечны брат, калі прыязджаў з Ташкента да нас у госці ў Мазыр у часы майго дзяцінства, казаў так: “Калі б я не ведаў, што вы беларусы, я б падумаў, што вы ўсе яўрэі. Тое, як вы размаўляеце, як вы цягнеце словы…” Мне здаецца, працяглае суіснаванне паміж беларускім і яўрэйскім насельніцтвам, прадстаўнікамі іншых народаў, якія на працягу стагоддзяў у міры і згодзе жылі на гэтай зямлі, паўплывала ў значнай ступені і на наш менталітэт, і на нашыя паводзіны.
 
Вядомыя і невядомыя прозвішчы
- Як вы лічыце, якіх асоб у гісторыі Мазыра можна лічыць найбольш значнымі, якіх усе мазыране павінны ведаць? 
- Ведаеце, калі кажуць пра вядомых асоб Мазыра, звычайна называюць герояў Вялікай Айчыннай вайны. Але, на жаль, мы і не ўсіх герояў вайны ведаем. Ёсць два ўраджэнцы Мазыршчыны, поўныя кавалеры ордэна Славы – Фёдар Бібік і Карл Куркевіч. Поўныя кавалеры ордэна Славы, вышэйшай салдацкай узнагароды, прыраўноўваюцца да асоб, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Канстанцін Сіманаў, пісьменнік і франтавік, казаў, што галоўны чалавек на вайне – гэта салдат. Асабліва хацелася б узгадаць пра 18-гадовага Карла Куркевіча, які за тры месяцы атрымаў тры ступені ордэна Славы. І таму, пажадана, каб імёны гэтых герояў знайшлі адлюстраванне ў назвах нашых вуліц. 


Вялікая Айчынная вайна – вельмі складаны перыяд для вывучэння і асэнсоўвання. Гэта гераізм, але і гэта трагедыя для ўсіх тых, хто прайшоў праз вайну, хто страціў блізкіх. У нашым доме жыла Ганна Мартынаўна Марозава. У час вайны, абараняючы Радзіму, загінулі яе муж і два сыны. Ёй прапаноўвалі выйсці замуж, але яна захавала вернасць свайму мужу і адмовілася ад гэтай прапановы. Звычайна могілкі ўдзельнікаў вайны, ушаноўваюць, даглядаюць. А наведваць магілы ўдоў вайны няма каму, бо не засталося сваякоў. І тут існуе пэўная праблема.


Калі казаць пра вядомых людзей, якія нарадзіліся або пэўны час жылі на Мазыршчыне, у першую чаргу трэба ўзгадаць Ізраіля Рухамоўскагаураджэнца Мазыра, сусветна вядомага ювеліра. Вельмі добра, што ў снежні 2021 г. у нашым краязнаўчым музеі пачала працаваць пастаянная экспазіцыя, што прысвечана гэтаму чалавеку.




Увагі заслугоўвае Эдуард Пякарскі, які пэўны час вучыўся ў Мазырскай мужчынскай гімназіі. За рэвалюцыйную дзейнасць быў сасланы царскімі ўладамі ў Сібір, апынуўся ў Якуцкім краі, і, як пісаў свайму бацьку, каб не якуты, памёр бы з голаду. Ён з’яўляецца стваральнікам слоўніка якуцкай мовы. Эдуард Пякарскі быў Ганаровым акадэмікам АН СССР (1931). 


Яшчэ адным навучэнцам Мазырскай гімназіі быў Фёдар Стравінскі, оперны спявак, бацька знакамітага кампазітара ХХ стагоддзя Ігара Стравінскага. Пра Фёдара Стравінскага ў Расіі напісана некалькі дысертацый. Для нас цікавым з’яўляецца мазырскі перыяд жыцця Ігара Стравінскага. Калі юнак спяваў у царкоўным хоры, паслухаць яго ў сабор прыходзілі нават іншаверцы. Калі Фёдар Стравінскі вучыўся ў сёмым класе гімназіі, адбылося яго першае выступленне на сцэне.


Таксама Аляксандр Кугель, тэатральны і літаратурны крытык, публіцыст, драматург, рэжысёр, стваральнік тэатра “Кривое зеркало” (1908) і яго кіраўнік. А бацька Аляксандра – Рафаіл Кугель – адкрыў першую ў Мазыры друкарню.
Ёсць яшчэ шмат цікавых асоб, лёсы якіх перапляліся з гісторыяй Мазыршчыны.
 
“Вуліца Нагорная – самая старая вуліца сярод існуючых ў Мазыры ”
- Шмат часу вы прысвяцілі вывучэнню гісторыі вуліц Мазыра. Што вас найбольш уразіла, калі вы займаліся гэтай даследчай працай?
-  У свой час пачала займацца вывучэннем гісторыі мазырскіх вуліц, і калі мазырскі краязнавец Аляксандр Бобр прапанаваў напісаць сумесна шэраг артыкулаў для “Жыцця Палесся” па гэтай тэме, с задавальненнем згадзілася. На аснове гэтага матэрыяла, з дапамогай дзяўчынак з культурна-адукацыйнай платформы “Першы крок” Ганны Палей, Святланы Івановай, Алесі Марозавай, Святланы Карповіч у 2019 г. выйшла кніга “Плошчы і вуліцы Мазыра як сведкі гісторыі”. 


Першыя вядомыя вуліцы ў Мазыры адносяцца да 1724 года. У той час у горадзе існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Свідоўская, Нагорная і Гончая. Нагорная вуліца захавалася па сённяшні дзень – гэта самая старая назва вуліцы Мазыра сярод зараз існуючых. 



Свідоўская вуліца была адна з галоўных вуліц Мазыра: яна вяла ад Базарнай плошчы да астрога, што адлюстравана на карце Мазыра 1824 г. У другой палове ХІХ стагоддзя вуліца ўжо вядомая як Пакроўская, а ранейшая назва – ужо як Свідоўка – перамясцілася ў раён сучаснай вуліцы 17 верасня. У 20-я гады ХХ стагоддзя былая Пакроўская вуліца атрымала назву правадыра савецкай дзяржавы – Уладзіміра Леніна.


- Ці мае сэнс вяртаць старыя назвы вуліц, каб ушанаваць іх як частку гісторыі горада?
- Калі аднаўляць назвы, то ўзнікне вялікая праблема для ўсіх жыхароў гэтых вуліц: замена ўсіх дакументаў на жыллё, якое знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Можна зрабіць так, як, напрыклад, у Гомелі: на шыльдах побач з сучаснымі назвамі вуліц ідуць іх гістарычныя найменні. Гэта не патрабуе вялікіх грашовых выдаткаў, але б дазволіла мазыранам крышачку больш даведацца пра гісторыю свайго горада. 
 
“У Барбарове спыняўся параход, які пану Горвату прывозіў газеты”
- А гісторыя мазырскіх вёсак была вам цікавая як навукоўцу?
- Займалася толькі вывучэннем гісторыі Барбароўскай сядзібы. У розныя часы Барбароў належыў розным людзям. У ХІХ стагоддзі яго гісторыя была звязана з родамі Аскерак і Горвартаў. Тут спыняўся параход, які плыў з Мазыра ў Кіеў, і пану Горвату прывозіў газеты. Была смалакурня і прыстань, адкуль адпраўлялі лес ва Украіну.


Цікавыя звесткі пра Барбароў пакінуў расійскі этнограф Павел Шпілеўскі, які наведаў Мазыршчыну ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Ён адзначаў, што ў тыя часы ў Барбарове яшчэ заставаліся рэшткі вялікага замка. Шпілеўскі пісаў: “Между Припятью и красивым озером рисуется по своему живописному положению великолепный каменный замок Барбаров, весь закрытый у подножья своего возвышения широкой цепью гор. Старинная архитектура этого замка, зубчатые башни, колонны, шпицы, высокие рвы, канавы, подземные ходы надводные цепные мосты придают замку характер какого-то особенного времени, чуть не рыцарского, если только рыцарство существовало в западнорусском крае». 


Вядома, кожная вёсачка мае сваю гісторыю, якая заслугоўвае вывучэння. Праз лёс жыхароў кожнага населенага пункта можна даведацца пра іх уклад у жыццё нашай краіны, і асноўныя падзеі, што адбываліся на беларускай зямлі. 


У апошні час займаюся пераважна гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Сярод герояў Савецкага Саюза, якія нарадзіліся на Мазыршчыне, ёсць Міхаіл Паўлавіч Катлавец (1914–1944), урадженец вёсцы Лешня. Займаючыся вывучэннем яго жыцця, знайшла звесткі пра Уладзіміра Паўлавіча Катлаўца, батальённага камісара, маёра, які нарадзіўся ў Лешні ў 1916 годзе, і з 1937 па 1945 гады служыў у Чырвонай Арміі. Ён быў узнагароджаны 4 ордэнамі і медалямі за ўдзел у вайне. Самае цікавае, што лёсы гэтых людзей (мяркую, што гэта былі родныя браты) перасякліся падчас Сталінградскай бітвы, за якую Міхаіл і Уладзімір Катлаўцы былі ўзнагароджаны медалямі “За абарону Сталінграда”.


Калі пачынаеш займацца той ці іншай праблемай, узнікае шмат новых цікавых дэталей, пра якія хочацца больш даведацца. І таму наперадзе яшчэ шмат працы па вывучэнню гісторыі Мазыршчыны. 


Алена Мельчанка.
Фота аўтара.
Добавить комментарий