Памяць захавала такiя малюнкі. Яшчэ з чацвярга бабуля пачынала ўчыняць i вымешваць у вялiзнай мiсцы цеста, якое было добра насычана разынкамi. Смачных булак-пасак яна гатавала шмат – на цэлы тыдзень хапала. Зверху булкі ўпрыгожваліся крыжыкам з таго ж цеста і змазваліся ўзбітым яйцом. У суботу бабуля фарбавала яйкi – «пiсанкi», а адвячоркам iшла ў царкву на ўсяночную службу.
Раніцай нядзелi мы яшчэ спалі, калі бабуля вярталася з царквы. Яна будзіла нас, каб як можна раней сесці за стол. Крыху стомленая, але радасная, яна казала кожнаму па чарзе: «Хрыстос васкрэс!» А мы адказвалi: «Ва ісціну васкрэс!» Бабуля пачынала шпарка ўвiхацца, накрываючы на стол. Раз за разам бразгала клямка: па некаторыя стравы яна хадзіла ў сенцы, вярталася ў хату i даставала астатнiя з печы. Кожны, перш чым сесці за стол, павінен быў абмыць свой твар асвечаным яйкам, пафарбаваным у цыбульніку, для таго, каб быць здаровым і моцным. Усе сядалі за святочны стол i перш-наперш елi асвечаныя стравы, якiя дзялілі на ўсіх членаў сям'і. Уся асвечаная ў царкве ежа надзялялася незвычайнымі, нават магічнымі, уласцівасцямі. Пасля ўжо можна было ласавацца астатнімі стравамі. Асаблівай радасцю было гуляць у «мацака» або «бiткi». «Мацаком» лічылася яйка, якое не разбівалася яйкам другога. У каго быў мацак, той забіраў сабе бітае яйка і мог працягваць гульню. Бітыя яйкі патрэбна было з'есцi, але я часцей аддавала iх дарослым. Таксама i з паскамi: усё самае смачнае, на наш дзiцячы погляд, з'ядалася адразу - верхавiнка i разынкі, якія выкавырвалі пальчыкам. Зараз так робяць і мае дзеці. У такія моманты ўспамінаю бабулю, яна не сварылася на нас за гэта. І я не буду.
Сёння, калі булкі-паскі можна лёгка купіць у краме, а цэны на цукар і муку небывала падскочылі, усё роўна хочацца адчуць у кватэры той самы пах дзяцінства.
Марта Мароз.
Фота аўтара.